Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



PLAY! Гісторыя мультфільмаў

  • 23.01.2020

З 18 студзеня па 5 красавіка 2020 года ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: “Дом–музей I з’езда РСДРП” у партнёрстве з музеем навукі “Элемента” будзе працаваць інтэрактыўная выстава “Play! Гісторыя мультфільмаў”.

Хто з нас хаця б некалі, асабліва ў дзяцінстве не захапляўся мультфільмамі і не задаваўся пытаннем, як усё гэта робіцца? Сёння на нашай выставе вы зможаце зазірнуць у таямніцу іх стварэння.

Днём нараджэння мультыплікацыі лічыцца 30 жніўня 1877 года, а ўжо з 1920–х гадоў “мульцяшныя героі” становяцца пастаяннымі спадарожнікамі дзяцей ва ўсім свеце. Сёння, у асноўным, мультфільмы ствараюцца з дапамогай камп’ютарнай графікі і мы можам праглядаць іх на любой лічбавай прыладзе. А сто год таму для прагляду “бегаючых карцінак” выкарыстоўвалі фенакісціскоп, заатроп, страбаскоп, праксінаскоп, стэрыаскоп і г.д. З усімі гэтымі фантастычнымі прыладамі вы зможаце азнаёміцца на нашай выставе і не проста паглядзець на іх здалёк, але і непасрэдна пакруціць і ўласна на сябе адчуць, як гэта працуе.

Акрамя інтэрактыўных мульты–агрэгатаў Вы зможаце пагартаць цікавыя коміксы, паглядзець кадры з мультфільмаў першай паловы мінулага стагоддзя, прымерыць вушкі Міккі Маўса ў адкрытай фотазоне!

Ну а для тых, хто не баіцца пасмяяцца над сабой, мы прапануем куток крывых люстэркаў, дзе можна паглядзець на сябе ў розных незвычайных варыяцыях, як некалі гэта зрабіў воўк у адной з серый знакамітага мультсерыяла “Ну, Погоди !”.

Чакаем Вас у нашай інтэрактыўнай лабараторыі!

На выставе экспанаты кранаць не толькі можна, але і трэба!

5 руб. - дарослы, 4 руб. - студэнты, 3 руб. - дзіцячы.

Дзеці дашкольнага ўзросту дапускаюцца на выставу толькі ў суправаджэнні дарослых!

Дом–музей I з’езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31А

Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных

Тэл. для даведак: 290–68–47