Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Размоўная лексіка ў сучаснай беларускай мове

  • 03.02.2018
Шаноўнае спадарства! Мы працягваем цыкл асветніцкіх лекцый-дыскусій новай тэмай - “Размоўная лексіка ў сучаснай беларускай мове”.

На лекцыі вы даведаецеся, чым адрозніваецца слэнг і жаргон, што такое інвектыўныя і абсцэнныя словы і якія дакументы абмяжоўваюць іх публічнае ўжыванне. Наноў адкрыеце для сябе багацце размоўных беларускіх слоў, якія існуюць для апісання побытавых з’яў, пачуццяў, наймення аб’ектаў і працэсаў з розных грамадскіх сфер.

Пад час сустрэчы, вы пазнаёміцеся, як адаптуюцца размоўныя словы з рускай, англійскай і іншых моў, якім шляхам вяртаецца дыялектнае маўленне і як фарміруецца сучаснае моладзевае кантактаванне па-беларуску. Вы пачуеце, якім чынам размоўны стыль мяняе моўнае напаўненне друкаваных і аўдыявізуальных сродкаў масавай інфармацыі, літаратурных твораў і нават тэатральных пастановак.

Лекцыя з’яўляецца вынікам двухгадовай працы над праектам Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў.

Дакладчыкі: Ганчарэнка Кацярына Дзмітрыеўна (старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дактарант) і Марозава Анастасія Андрэеўна (малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі).

Запрашаем актыўна далучыцца да дыскусіі, задаваць выступоўцам пытанні, альбо распавесці пра ўласныя назіранні і думкі. 
Чакаем вас 8 лютага а 18.30. 
Уваходны квіток у музей – 2 рублі.

УВАГА! Запісацца на лекцыю можна па тэлефоне +375 17 290-68-47 (Андрэй), альбо на адрас электроннай пошты domusmuseum@gmail.com