Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Каляды: традыцыя, трансфармацыя… прафанацыя?

  • 08.01.2018
Нашая першая сустрэча з цыклу асветніцкіх лекцый-дыскусій будзе прысвечана тэме “Каляды: традыцыя, трансфармацыя… прафанацыя?”.

Лічыцца, што для Поўдня Беларусі характэрныя калядныя абыходы, а для Поўначы - жаніцьба Цярэшкі. Абыходы ў каталіцкіх вёсках Гродзеншчыны і Заходняй Віцебшчыны на Трох каралёў, акрамя гэтых біблейскіх персанажаў далучаліся Чорт і Анёл. Сёння Калядаванне толькі з “класічнымі” персанажамі кшталту Казы і Мядзведзя можна пабачыць у некаторых палескіх вёсках, а таксама ў пост-фальклорных гарадскіх асяродках. У палескіх гуртах усё часцей зʼяўляюцца “сучасныя” персанажы прыкладу Дзеда Мароза і Снягурачкі, а ў Давыд-Гарадку - цэлыя групы герояў дыснэеўскіх і савецкіх мультфільмаў, галівудскага кінематографу.
Паведамленне будзе суправаджацца не толькі традыцыйнымі фота і відэаматэрыяламі, але і жывымі спевамі ад гурта “Нямора”.
Падчас дыскусіі мы паспрабуем знасці адказы на пытанні: 
ці маюць калядныя абыходы карані ў дахрысціянскай вясковай культуры, ці гэта цалкам хрысціянская традыцыя гарадскога паходжання?
ці з’яўляюцца сучасныя з'явы трансфармацыі калядных абыходаў і насычэнне іх новымі персанажамі прафанацыяй традыцыі?

Заклікаем Вас прыйсці і не толькі паслухаць выдатную лекцыю, ад даследчыцы Алены Ляшкевіч (малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, журналістка), але і далучыцца да дыскусіі, распавесці пра ўласныя назіранні і думкі. Пры жаданні, можаце наўпрост загадзя даслаць даследчыку пытанне, аб чым вы хацелі б даведацца болей.
Пасля афіцыйнай часкі вас чакаюць сапраўдныя беларускія танцы пад дуду ад музыкаў Дударскага клуба Міколы Столяра і Антося Бельскага.

Чакаем вас 11 студзеня а 18.30.
Уваходны квіток у музей – 2 рублі.

УВАГА! Запісацца на лекцыю можна па тэлефоне +375 17 290-68-47 (Андрэй), альбо на адрас электроннай пошты domusmuseum@gmail.com