Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Вікінгі і Балты: Паўночная Сага"

З 7 лютага па 12 красавіка ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом-музей I з'езда РСДРП" працуе выстава "Вікінгі і Балты: Паўночная Сага".

Вікінгі – раннясярэднявечныя скандынаўскія мараходы, якія ў VIII – XI стагоддзях рабілі марскія паходы ад Вінланда да Біярміі і ад Каспія да Паўночнай Афрыкі. У асноўнай масе гэта былі свабодныя сяляне, што жылі на тэрыторыі сучасных Швецыі, Даніі і Нарвегіі і якіх штурхала за межы родных краін перанасяленне. Па рэлігіі - у пераважнай большасці язычнікі.

Шведскія вікінгі і вікінгі з узбярэжжа Балтыкі, як правіла, падарожнічалі на ўсход і фігуравалі ў старажытнарускіх і візантыйскіх крыніцах пад імем варагаў. Часта яны наймаліся на ваенную службу да шматлікіх князёў, за ваенны прафесіяналізм вельмі цаніліся, многія з іх узначальвалі дружыны, станавіліся князямі. Варагам быў і першы князь Полацкай зямлі Рагвалод, заснавальнік першай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі, бацька Рагнеды.

На выставе будуць прадстаўлены прадметы, якія характарызуюць так званую Эпоху вікінгаў (ранняе Сярэднявечча, VIII – XI стагоддзі), воінаў поўначы іх гісторыю і традыцыю, культуру нарманаў, а таксама балцкага насельніцтва ўзбярэжжа Балтыйскага мора (ліваў, куршаў, латгалаў).

Акрамя розных упрыгожванняў (шыйныя грыўны, фібулы, бранзалеты і г.д.), рэканструкцыі зброі (мячы, дзіды, шлемы, шчыты, нажы, баявыя сякеры і т.п.), адзення і побыту вікінгаў, касцюмаў балтыйскіх плямёнаў, будуць экспанавацца археалагічныя артэфакты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Сярод іншага – рунічныя надпісы на костках, наканечнікі стрэл, фібулы, касцяныя грабяні і г.д.

Паралельна будзе праходзіць выстава работ фатографа Вольгі Тарасевіч "Позірк праз стагоддзі".